ДЗЯРНО́ВА-КАРБАНА́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб, што фарміруюцца ў месцах выхаду на паверхню карбанатных парод (вапнякоў, даламітаў, мелу і інш.) пры нармальным увільгатненні пад травяністай расліннасцю. У залежнасці ад ступені выяўлення працэсаў вышчалочвання і ападзольвання Дз.-к.г. падзяляюць на 3 падтыпы: тыповыя Дз.-к.г., вышчалачаныя. ападзоленыя, якія ўключаюць вял. колькасць родаў, відаў і разнавіднасцей. Пашыраны невял. ўчасткамі ў еўрап. ч. Расіі, на Д. Усходзе. На Беларусі найб. трапляюцца ў Магілёўскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Высокаўрадлівыя, маюць 5—9% гумусу, інтэнсіўна асвойваюцца пад ворыва. Прыдатныя для вырошчвання патрабавальных да глебавых умоў с.-г. культур (цукр. буракі, пшаніца, ячмень, люцэрна і інш.). Урадлівасць Дз.-к.г. павышаюць мінер. (пераважна калійнымі, марганцавымі і борнымі) угнаеннямі.
М.І.Смяян.
т. 6, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)